Грошы ў студэнта: адкуль бяруцца i куды знiкаюць?

04-11-2013 в 05:27 0 | 788
Фото: Грошы ў студэнта: адкуль бяруцца i куды знiкаюць?
Памятаю, на першым курсе, акрамя студэнцкiх дысцыплiн, я вывучала яшчэ адну, жыццёвую, — як правiльна весцi асабiсты бюджэт. Спачатку было так: бацькi дасылалi грошы, а я на радасцях ляцела ў краму i набывала там розныя ласункi. А першыя стыпендыi дык i ўвогуле разыходзiлiся за адзiн-два днi. Потым, калi даводзiлася сядзець пэўны час на «хлебе i вадзе» (у лiтаральным сэнсе гэтых слоў), з’яўлялiся разумныя думкi, што трэба ўсё ж такi жыць больш эканомна.

I сапраўды, мяне чакала цэлая навука — як самастойна i правiльна разлiчваць свой бюджэт. А грошы ў студэнта «цякуць» як вада… Бывае, сядзiш i думаеш: «А куды яны ўсё ж такi знiкаюць?»

1383211338741_31-22

Не вучобай адзiнай

Студэнты «са стажам» раяць: пасля таго, як атрымаў стыпендыю або грошы ад бацькоў, трэба адразу вылiчыць i адкласцi пэўную суму на набыццё праязнога, квiтка дадому, аплату за iнтэрнэт i мабiльны тэлефон. I ў вынiку атрымлiваецца, што ўсе гэтыя выдаткi плюс паход у краму забiраюць палову стыпендыi.

Значная грашовая сума ў студэнта iдзе на штодзённае «падсiлкоўванне». Складана вытрымаць паўдня без ежы, асаблiва будучым медыкам. У iх, як правiла, заняткi доўжацца з 8 гадзiн ранiцы да 5 гадзiн вечара. Таму наведванне сталовай абавязковае. У сярэднiм поўны абед каштуе 20-25 тысяч.

Працэс навучання няспынны, таму студэнтам перыядычна трэба набываць канцылярскiя тавары — сшыткi, ручкi, алоўкi, нататнiкi, файлы…

Амаль штодзённа студэнту даводзiцца плацiць за раздрукоўкi матэрыялаў да заняткаў. У сярэднiм адзiн аркуш абыходзiцца ў 500-700 рублёў.

На шчасце, студэнцтва — не толькi вучоба. I даволi шмат сродкаў iдзе на адпачынак — культурны i не вельмi. Платнымi з’яўляюцца «вылазкi» ў кавярню, тэатр, музей, на выставу i канцэрты. Тым больш што апошнiм часам у Мiнску часта выступаюць легендарныя гурты. Праўда, квiткi на iх канцэрты зусiм не танныя.

Каб не людскiя слабасцi…

Як сказаў студэнт 5 курса хiмiчнага факультэта БДУ Вадзiм Шчаглоў, «у людзей, якiя не кураць i не злоўжываюць алкаголем, грошы заўжды ёсць i iх хапае. А вось калi студэнты любяць перыядычна добра «адпачываць», то сiтуацыя з безграшоўем у iх даволi часта паўтараецца». Сапраўды, калi кожныя выхадныя не «галiвудзiць», то грошай хапае. Але безграшоўе можа наступiць i па iншых прычынах.

У кожнага чалавека ёсць свае слабасцi. Напрыклад, я «хворая» на новыя i цiкавыя кнiгi. З-за майго набытага яшчэ ў дзяцiнстве правiла «не выходзь з кнiгарнi з пустымi рукамi» я часта аказваюся «на мелi».

Мая сяброўка набывае сабе шакаладкi са словамi: «Я ведаю, што да канца тыдня мне прыйдзецца не есцi, але не шкадую, бо не магу без шакаладак. Калi не з’ем, то нiякай радасцi не адчую». А вось Вiкторыя Пронцкус, студэнтка 2 курса БДМУ, кажа: «Не магу пражыць без ёгуртаў i цукерак, таму нават у крытычных сiтуацыях усё роўна заўжды iх набываю».

Разлiк або… галадоўка?

Самы папулярны спосаб эканомii, якi застаўся ў свядомасцi яшчэ са школы, — «не есцi». Але, як было апiсана вышэй, ва ўнiверсiтэце прытрымлiвацца гэтага плана складана, а часам нават небяспечна i шкодна для здароўя. Таму студэнты, якiя клапоцяцца пра свой бюджэт, iдуць па iншым шляху. Яны набываюць талончыкi на месячнае харчаванне, якiя, напрыклад, у БДУ каштуюць 190 тысяч. А потым штодзённа могуць сiлкавацца абедамi на суму, не большую за 30 тысяч рублёў. Рознiцу памiж «аптовай» цаной талончыкаў i коштам рэальных страў пакрывае прафсаюз. Добрая эканомiя атрымлiваецца!

Сэканомiць можна i на вопратцы. Анастасiя Фёдарава, студэнтка 2 курса БНТУ, кажа, што адрознiваецца ад многiх тым, што не «хварэе» на шопiнг. I грошы, якiя студэнткi звычайна могуць патрацiць на чарговую кофтачку, яна эканомiць.

Працаваць хаця б часова

Амаль усе студэнты iмкнуцца, па магчымасцi, кiмсьцi падпрацоўваць: прамоўтарамi, маркiроўшчыкамi, кур’ерамi, афiцыянтамi. Рэдка хто працуе стабiльна, але на некалькi месяцаў студэнты ўладкоўваюцца даволi-такi часта.

Iншая справа — студэнты старэйшых курсаў. Тыя ўжо намагаюцца працаваць па сваёй спецыяльнасцi, каб i досвед назапашваўся, i грошы былi. Ганна Марозава, студэнтка 5 курса факультэта радыёфiзiкi i камп’ютарных тэхналогiй БДУ, працуе па сваёй будучай спецыяльнасцi, i яе заробку хапае на тое, каб здымаць жытло i не прасiць грошай у бацькоў.

Але не ўсе студэнты могуць працаваць: хто з прычыны здароўя, хто з-за вялiкай занятасцi ва ўнiверсiтэце. Таму ў кожнага свая норма выдаткаў i колькасць «безграшовых дзён». Але цi можна лiчыць таго, хто нiводнага разу не «адчуў» пустэчу ў кiшэнях, сапраўдным студэнтам?

Вiкторыя ЧАПЛЕВА
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Источник: Звезда


Похожие статьи:

Погоня университетов и колледжей в США за студентами и слушателями толкает их на строительство дорогих общежитий, стадионов, спортзалов, фитнес-центров и других удобств. Тем не менее, такая “гонка вооружений”, в которой университеты стремятся дать студентам самое лучшее...
Второй рынок в мире испытывает проблемы с трудоустройством своих граждан, получивших высшее образование. Количество выпускников существенно превышает потребности экономики. ...


Комментарии (0)
Добавить комментарий